ФОТАТРО́ФНЫЯ МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, фотасінтэзавальныя мікраарганізмы,
арганізмы, што ў жыццядзейнасці выкарыстоўваюць энергію святла для біясінтэзу кампанентаў клетак і інш. энергазалежных працэсаў. Да Ф.м. адносяць пурпурныя і зялёныя бактэрыі, цыянабактэрыі, прахларафіты, некат. галабактэрыі, а таксама шэраг эўкарыётных арганізмаў з розных аддзелаў водарасцей (дыятомавыя, зялёныя, пірафітавыя, залацістыя, жоўта-зялёныя і інш.). Фотасінтэз у Ф.м. (акрамя галабактэрый), як і ў вышэйшых раслін, адбываецца з удзелам хларафілаў, у галабактэрый — з дапамогай бялковага комплексу бактэрыярадапсіну. У цыянабактэрый і водарасцей пры фотасінтэзе выдзяляецца кісларод, а ў астатніх не ўтвараецца (замест вады ў якасці донараў электронаў яны выкарыстоўваюць сульфіды, тыясульфат, вадарод, арган. рэчывы). Большасць Ф.м. — аўтатрофы, некат. асімілююць арган. злучэнні, неабходныя для іх развіцця (галабактэрыі, некат. віды пурпурных бактэрый). Ф.м. пашыраны ў вадаёмах. Актыўна ўдзельнічаюць у назапашванні арган. рэчываў, кругавароце серы і азоту ў прыродзе.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)